Нацыянальная кухня Беларусі: вытокі

Прачытайце тэкст. Незнаёмыя словы самастойна знайдзіце ў слоўніку. Пазначце іх сабе.

Багатую і цікавую гісторыю мае беларуская кухня. Да наc дайшлі шматлікія рэцэпты самабытных страў, якія вядомы не толькі на сваёй радзіме, але і за мяжой, напрыклад, беларускія дранікі, халаднік, зацірка, мачанка і іншыя.

Асабліва папулярна ў беларусаў бульба, якую яшчэ называюць «другім хлебам». З яе гатуюць бульбянiкi, дранікі, запяканкі, клёцкі, бульбяную бабку. З мясных страў вядомы мачанка, халадзец, смажанка, каўбасы. Найбольш ужывальным у беларусаў заўсёды было свіное мяса. Акрамя свініны ў ежу ішла бараніна, радзей ялавічына і хатняя птушка.

Здаўна беларусы мелі цесныя эканамічныя і культурныя сувязі з рускімі, украінцамі, палякамі і іншымі народамі. Таму не дзіва, што розныя кулінарныя традыцыі ўплывалі адна на адну. Пра гэта сведчаць і агульныя назвы адных і тых жа страў, кулінарных вырабаў і напояў, посуду. Дарэчы, беларуская зацірка вядома ў рускай, польскай і ўкраінскай кухнях. І такіх прыкладаў – мноства.

Кулінарыя заўсёды была цесна звязана з побытам, культурай, звычаямі народа. Беларусы здаўна займаліся земляробствам: вырошчвалі жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку, гарох. У паўсядзённым харчаванні выкарыстоўвалі збожжавыя культуры і агародніну.

Печаны жытні хлеб і іншыя вырабы з жытняй мукі на працягу многіх стагоддзяў займалі пануючае месца ў харчаванні беларусаў.

Шмат прыказак і прымавак склалася ў народзе пра хлеб: «Хлеб над усiм пануе», «Хлеб — усяму галава».

Найбольш старажытны хлебны выраб ў славян – каравай, які адыгрываў важную ролю ў абрадах. У беларусаў каравай і да нашых дзён з'яўляецца абавязковым на вясельнай цырымоніі. Звычайна ён меў круглую форму, зверху быў упрыгожаны фігуркамі птушак, жывёл, чалавечкаў з цеста.

Мноства страў гатавалі з агародніны: халаднік, капусту, грыжанку (з бручкі). Агародніну ўжывалі ў сырым выглядзе, дадавалі ў іншыя стравы. Капусту, агуркі, буракі квасілі і салілі.

На Беларусі розныя расліны выкарыстоўваліся ў якасці запраў: пастарнак, мята, пятрушка, кмен, кроп, хрэн, мак і інш. Шляхта і гараджане шырока ўжывалі ў ежу розныя вострыя прыправы: перац, гарчыцу, імбір, карыцу, лаўровы ліст, кардамон, шафран.

Большасць вострых прыпраў завозілі ў Беларусь праз Польшчу.

У вялікай пашане ў беларусаў былі грыбы — свежыя, сушоныя, салёныя, марынаваныя, а таксама лясныя ягады — чарніцы, суніцы, брусніцы, маліны і інш. Садавіну і ягады сушылі, мачылі, з іх гатавалі разнастайныя напоі: бярозавік, кляновік, збіцень.

  • ЗАДАННЕ

    Згодны вы ці не з дадзенымі сцвярджэннямі?

    1. Беларусы называюць бульбу «другім хлебам».

    (Так/Не)

    2. Печаны пшанічны хлеб на працягу многіх стагоддзяў займаў пануючае месца ў харчаванні беларусаў.

    (Так/Не)

    3. Самы старажытны хлебны выраб ў славян – каравай.

    (Так/Не)

    4. Халаднік, капусту, грыжанку гатавалі з садавіны.

    (Так/Не)

    5. Перац, гарчыцу, імбір выкарыстоўвалі ў якасці вострай прыправы.

    (Так/Не)

  • АДКАЗ (клiкнi!)

    1 — так

    2 — не

    3 — так

    4 — не

    5 — так

  • ЗАДАННЕ

    Прачытайце тэкст яшчэ раз і адкажыце на пытанні.

    1. Чаму назвы некаторых страў супадаюць у беларусаў, рускіх, украінцаў?
    2. Якія збожжавыя культуры здаўна вырошчвалі на Беларусі?
    3. Як у славян называецца хлебны выраб – важны элемент абрадаў?
    4. Што выкарыстоўвалі беларусы ў якасці запраў?
    5. Што на Беларусі стагоддзямі збіраюць у лесе?
  • АДКАЗ (клiкнi!)

    1. Чаму назвы некаторых страў супадаюць у беларусаў, рускіх, украінцаў?

    Здаўна беларусы мелі цесныя эканамічныя і культурныя сувязі з рускімі, украінцамі, палякамі і іншымі народамі. Таму не дзіва, што розныя кулінарныя традыцыі ўплывалі адна на адну.

    2. Якія збожжавыя культуры здаўна вырошчвалі на Беларусі?

    Жыта, пшаніцу, ячмень, авёс, грэчку.

    3. Як у славян называецца хлебны выраб – важны элемент абрадаў?

    Каравай.

    4. Што выкарыстоўвалі беларусы ў якасці запраў?

    Пастарнак, мята, пятрушка, кмен, кроп, хрэн, мак.

    5. Што на Беларусі стагоддзямі збіраюць у лесе?

    Грыбы і лясныя ягады — чарніцы, суніцы, брусніцы, маліны.