Кірмашы ў гісторыі

Прачытайце тэкст. Незнаёмыя словы самастойна знайдзіце ў слоўніку. Пазначце іх сабе.

Традыцыя кірмашоў мае даўнюю гісторыю. Верагодна, першым вядомым у Заходняй Еўропе стаў кірмаш 629 года ў Сэн-Дэні пад Парыжам.

У мінулым кірмашы звычайна размяшчаліся каля замкаў або манастыроў, на скрыжаванні гандлёвых шляхоў падчас царкоўных святаў. Права на іх правядзенне даваў кароль, граф або іншая высокапастаўленая асоба. Правядзенне часта рэгулявалася гарадскім або рынкавых правам.

Шырокае распаўсюджванне кірмашы атрымалі ў Францыі, Англіі, Швейцарыі ў XII стагоддзі.

У сярэднявеччы кірмаш быў адной з самых важных падзей у грамадстве. Купцы прыязджалі з розных гарадоў, прадавалі свае тавары, а таксама куплялі мясцовыя. Людзі маглі абменьвацца навінамі. На кірмашах прысутнічалі варажбіты, музыканты, трубадуры, якія весялілі і забаўлялі гараджан.

На Беларусі ў XVII стагоддзі вялікімі кірмашовымі цэнтрамі былі Мінск, Несвіж, Навагрудак, Мір, Брэcт, Кобрын, Пінск.

Звычайна беларускія кірмашы былі святочнымі і прымяркоўваліся да пэўных рэлігійных свят, ад якіх часта атрымлівалі назву (троіцкі, ільінскі, спасаўскі, пакроўскі і іншыя).

Акрамя тавараў мясцовай прамысловасці і сельскай гаспадаркі на беларускія кірмашы дастаўлялі і замежныя тавары. З Польшчы прывозілі бытавыя і галантарэйныя тавары, дываны, люстэркі, прылады працы; з Прыбалтыкі — жалезныя вырабы, фарбы, гатовае адзенне, «заморскія» тавары (чай, каву, віно); з Украіны — соль, тытунь, цукар, хлеб; з Расіі — баваўняныя і шаўковыя тканіны, скураныя вырабы, фарфоравы і фаянсавы посуд.

Беларускія кірмашы адрозніваліся таварамі, якія там прадавалі: на адных гандлявалі ў асноўным сельскагаспадарчымі таварамі, на іншых — прамысловымі.

  • ЗАДАННЕ

    Згодны вы ці не з дадзенымі сцвярджэннямі?

    1. Першы ў Заходняй Еўропе кірмаш адбыўся ў Венецыі.

    (Так/Не)

    2. У мінулым кірмашы звычайна размяшчаліся каля замкаў або манастыроў.

    (Так/Не)

    3. На кірмашы прыязджалі варажбіты, музыканты, трубадуры, каб весяліць натоўп.

    (Так/Не)

    4. Беларускія кірмашы ніколі не прымяркоўваліся да пэўных рэлігійных свят.

    (Так/Не)

    5. З Польшчы на беларускія кірмашы ў ХVІІ стагоддзі прывозілі галантарэйныя тавары, дываны, люстэркі, прылады працы.

    (Так/Не)

  • АДКАЗ (клiкнi!)

    1 — не 

    2 — так

    3 — так

    4 — не 

    5 — так

  • ЗАДАННЕ

    Прачытайце тэкст яшчэ раз і адкажыце на пытанні.

    1. Калі адбылося шырокае распаўсюджванне кірмашоў у Еўропе?
    2. Чаму ў сярэднявеччы кірмаш быў адной з самых важных падзей у грамадстве?
    3. Як называліся кірмашы на Беларусі?
    4. Адкуль на беларускія кірмашы тавары прывозілі замежныя?
    5. Чым адрозніваліся кірмашы на Беларусі?
  • АДКАЗ (клiкнi!)

    1. Калі адбылося найбольш шырокае распаўсюджванне кірмашоў у Еўропе?

    Шырокае распаўсюджванне кірмашы атрымалі ў Францыі, Англіі, Швейцарыі ў XII стагоддзі.

    2. Чаму у сярэднявеччы кірмаш быў адной з самых важных падзей у грамадстве?

    Купцы прыязджалі з розных гарадоў, прадавалі свае тавары, а таксама куплялі мясцовыя. Людзі маглі абменьвацца навінамі. На кірмашах прысутнічалі варажбіты, музыканты, трубадуры, якія весялілі і забаўлялі гараджан.

    3. Як называліся кірмашы на Беларусі?

    Кірмашы прымяркоўваліся да пэўных рэлігійных свят, ад якіх часта атрымліваў назву (троіцкі, ільінскі, спасаўскі, пакроўскі і інш.).

    4. Адкуль замежныя тавары прывозілі на беларускія кірмашы?

    З Польшчы, Прыбалтыкі, Украіны, Расіі.

    5. Чым адрозніваліся кірмашы на Беларусі?

    Беларускія кірмашы адрозніваліся таврамі, якія там прадавалі: на адных гандлявалі ў асноўным сельскагаспадарчымі таварамі, на другіх —

    прамысловымі.