Гiсторыя моды ХХ стагоддзя

Прачытайце тэкст. Незнаёмыя словы самастойна знайдзіце ў слоўніку. Пазначце іх сабе.

У пачатку ХХ стагоддзя напрамак развіцця моды быў наканаваны дызайнерам, імя якой па сённяшні дзень застаецца сімвалам элегантнасці і добрага густу. Коко Шанэль, стваральніца «маленькай чорнай сукенкі», ўпершыню зрабіла моду даступнай абсалютна ўсім. Дзякуючы ёй, святло ўбачылі купальнікі з джэрсі, пляжныя сандалі, жанчыны зрабілі штаны часткай свайго гардэробу.

Дарэчы, калі казаць пра модныя тэндэнцыі, ў 20-30-ыя гады жаночая мода ўвогуле пачала адчуваць сур'ёзны ўплыў эмансіпацыі. Менавіта ў гэты час жанчыны апранулі мужчынскія касцюмы, скарацілі даўжыню сукенак і валасоў, пачалі перанімаць некаторыя мужчынскія звычкі. Тут дастаткова прагадаць вобраз легендарнай Марлен Дзітрых: у касцюме і з цыгарэтай! З другога ж боку, агрэсіўны шык, вычварнасць, нават, вульгарнасць сталі асноўнымі характарыстыкамі моды гэтага часу: сукенкі з нізкім поясам, доўгая нітка жэмчугу, раскошныя футры на аголеных плячах, панчохі ў сетку, цёмныя цені, бардовая памада стваралі вобраз фатальнай жанчыны 20-30-ых.

Аднак у 40-ыя гады на змену агрэсіўнаму шыку прыйшлі прастата і немудрагелістасць ваеннага часу. Пампезныя ўборы саступілі сваё месца звычайным сукенкам, шыкоўныя калье - шыйным хустачкам, шаўковыя панчохі — гольфам і шкарпэткам.

Пасля ІІ Сусветнай вайны ў свеце моды надыходзіць новая эра. У 1947 годзе ідэя вялікага Крысціяна Діора, стыль «New Look», упершыню ўбачыла святло. Створаны майстрам стыль — увасабленне жаноцкасці. Жанчыны зноў могуць дэманстраваць сваю чароўнасць і вытанчанасць. Адбываецца вяртанне да класічнага жаночага сілуэта. У моду ўваходзяць сукенкі з тонкай таліяй і дэкальтэ, пышныя спадніцы ніжэй калена, доўгія пальчаткі да локця, туфлі на высокіх абцасах. Мода канца 50-ых робіць стаўку на пачуццёвасць і сэксуальнасць. Істотны ўплыў на масавую моду аказваюць секс-сімвалы кінаэкранаў Мэрылін Манро, Брыджыт Бардо, Сафі Ларэн, Одры Хэпберн.

60-ыя гады праходзяць пад знакам сацыяльна-культурнай рэвалюцыі. Гэта час нараджэння і станаўлення новай моладзевай культуры. Сусветная сталіца моды перамяшчаецца з Парыжа ў Лондан, дзе ўжо пануе альтэрнатыўная моладзевая мода, якая кіруецца правіламі мінімалізму і ідэальнага густу: модныя касцюмы, нейлонавыя кашулі з вузкімі каўнярамі, тонкія гальштукі, чаравікі з вузкімі насамі, акуратныя прычоскі. Немала паспрыялі папулярызацыі дадзенага кірунку яго паслядоўнікі — гурт Бітлз.

У 1962 годзе свет ўпершыню ўбачыў экстравагантную спадніцу міні. Скандальны стыль спадабаўся моладзі. А двума гадамі пазней у ЗША ствараюць вопратку ў авангардным стылі «ўнісэкс». У 60-ыя гады пераважае мода на ўсё штучнае і сінтэтычнае. Адзенне з новай тканіны зручнае, практычнае і даступнае. Гардэробы запаўняюцца вырабамі з нейлону, лайкры, поліэстэра. Новыя матэрыялы выдатна падыходзяць для «касмічнага стылю», які з'явіўся ў 1965 годзе.

У 60-ыя гады ідаламі для маладога пакалення становяцца не прадстаўнікі вышэйшага грамадства і не зоркі кіно, як гэта было раней, а лідары моладзевых музычных рухаў. Іх ідэі і стыль жыцця імгненна знаходзілі сваё адлюстраванне ў моладзевай субкультуры.

Мода канца 60-ых - пачатку 70-ых гадоў адчувае ўплыў руху хіпі. Філасофія свабоды прыносіць новыя стылі і фарбы. Выкарыстанне прадметаў ручной працы, матываў, колераў і формаў Індыі, Непала, Цэнтральнай Амерыкі і Марока – асаблівасць стылю хіпі. Культура хіпі супрацьстаяла агульнапрынятаму і масаваму, такім чынам спарадзіла этнічны стыль, стыль рэтра, фальклорны стыль, «стыль лахманоў і дзірак», дыфузны стыль. Таксама свет моды абавязаны хіпі і папулярызацыяй джынсаў – адзення, без якога немагчыма ўявіць сучасны свет.

Эпоха 70-ых у чарговы раз пацвердзіла вядомую ісціну: кожнае наступнае пакаленне адмаўляе ідэалы папярэдняга. У гэты час супрацьлегласцю ўмеранасці і строгасці становіцца стыль дыска, асаблівасцю якога былі экзатычныя аблічча, непрыхаваная сэксуальнасць, незвычайна яркія фарбы. Развіццю і масавасці гэтага стылю спрыяла папулярная ў 70-ыя гады музыка, а таксама такія культавыя фільмы, як «Saturday Night Fever» ці «Thank God Is Friday».

80-90-ыя гады апынуліся не такімі пладавітымі і яркімі для свету моды, як папярэднія дзесяцігоддзі. Існуе думка, што ўсе асноўныя адкрыцці ў свеце моды былі зроблены яшчэ ў 70-ыя гады, а сучасная мода толькі вылучае асобныя матывы той залатой эпохі, дадаючы рыскі ўльтрасучасных тэндэнцый і кірункаў. Магчыма, так і ёсць. Але гэта нават добра. Яшчэ легендарная Коко Шанэль казала: «Мода праходзіць, стыль застаецца». Такім чынам, у сучасным свеце, поўным розных модных напрамкаў, у кожнага ёсць яшчэ больш магчымасцяў стварыць свой асабісты, унікальны стыль.

  • ЗАДАННЕ

    Згодны вы ці не з дадзенымі сцвярджэннямі.

    1.У 20-30-ыя гады жанчыны апранулі мужчынскія касцюмы, скарацілі даўжыню сукенак і валасоў, пачалі перанімаць некаторыя мужчынскія звычкі.

    (Так/Не)

    2.Стыль «New Look» упершыню убачыў свет пад час ІІ Сусветнай вайны.

    (Так/Не)

    3.У 60-ыя гады з’явілася міні, «унісэкс» і «касмічны» стыль.

    (Так/Не)

    4. Матывы, колеры і формы Індыі, Непала, Цэнтральнай Амерыкі і Марока – крыніца натхнення для стыля хіпі.

    (Так/Не)

    5. Стыль дыска – гэта ўвасабленне ўмеранасці і строгасці новага стыля 70-ых гадоў.

    (Так/Не)

  • АДКАЗ (клiкнi!)

    1 — так

    2 — не

    3 — так

    4 — так

    5 — не

  • ЗАДАННЕ

    Прачытайце тэкст яшчэ раз і адкажыце на пытанні.

    1. Як можна ахактарызаваць моду 20-30-ых гадоў?
    2. У чым асаблівасць стыля «New Look»?
    3. Як можна апісаць лонданскую альтэрнатыўную моладзевую моду 60-ых гадоў?
    4. Што прыўнесла ў модны свет культура хіпі?
    5. Якія рысы характэрны для стыля дыска?
  • АДКАЗ (клiкнi!)

    1. Як можна ахактаразаваць моду 20-30-ых гадоў?

    У 20-30-ыя гады жаночая мода пачала адчуваць сур'ёзны ўплыў эмансіпацыі, з другога боку, агрэсіўны шык, вычварнасць, нават, вульгарнасць сталі асноўнымі характарыстыкамі моды гэтага часу.

    2. У чым асаблівасць стыля «New Look»?

    Стыль вяртае жанчыну да жаноцкасці. Жанчыны зноў могуць дэманстраваць сваю чароўнасць і вытанчанасць.

    3. Як можна апісаць лонданскую альтэрнатыўную моладзевую моду 60-ых гадоў?

    Лонданская альтэрнатыўная моладзевая мода 60-ых гадоў кіруецца правіламі мінімалізму і ідэальнага густу: модныя касцюмы, нейлонавыя кашулі з вузкімі каўнярамі, тонкія гальштукі, чаравікі з вузкімі насамі, акуратныя прычоскі

    4. Што прыўнесла ў модны свет культура хіпі?

    Культура хіпі супрацьстаяла агульнапрынятаму і масаваму, такім чынам спарадзіла этнічны стыль, стыль рэтра, фальклорны стыль, «стыль лахманоў і дзірак», дыфузны стыль.

    5. Якія рысы характэрны для стыля дыска?

    Асаблівасцю стылю дыска сталі экзатычны аблічча, непрыхаваная сэксуальнасць, незвычайна яркія фарбы.